Погода в Каменце:

Полезные ссылки:

 

Кулинарный гастрофест на агроусадьбе "Валерия"

Кулинарный гастрофест на агроусадьбе

Сапраўды незвычайнай  выдалася серада для наведвальнікаў аграсядзібы “Валерыя” ў Кашчэніках, дзе ўпершыню прайшоў кулінарны гастрафэст. У ім удзельнічалі два дзясяткі людзей – дзеці, моладзь і дарослыя, якія гатавалі незвычайныя стравы па старажытных княжацкіх рэцэптах, прывезеных на Камянеччыну 8-класнікамі Сейлавіцкай сярэдняй школы Нясвіжскага раёна Максімам Шкодам і Данілам Шостакам і іх настаўніцай Таццянай Халопіцай. Думаю, тут трэба крыху патлумачыць, як падлеткі зацікавіліся старажытнай радзівілаўскай кухняй… Падчас наведвання Нясвіжскага замка, слухаючы захапляльныя аповеды аб тым, як Радзівілы летам каталі сваіх гасцей на санках па дарогах, засыпаных соллю замест снегу, і забаўлялі іх танцамі мядзведзяў, Максім і Даніла задумаліся: а чым жа такія арыгінальныя людзі частавалі сваіх наведвальнікаў? Аказалася, канкрэтных рэцэптаў страў, якія падаваліся на сталы ў радзівілаўскіх уладаннях, на жаль, не існавала. Так думалі ўсе, пакуль школьнікі не звярнуліся па дапамогу да сваёй настаўніцы геаграфіі Таццяны Міхайлаўны. Менавіта яна знайшла адзіную ў Беларусі польскамоўную кнігу рэцэптаў D.H. Debsky “Kuchnia Radziwiłłów”, датаваную 1888 годам, што знаходзіцца ў Нацыянальнай бібліятэцы ў Мінску. Прыкладна за паўгода юныя даследчыкі і іх педагог з дапамогай слоўнікаў і Google-перакладчыка перакладалі на рускую мову 247 (!) рэцэптаў. І здзівіліся таму, з якіх незвычайных інгрэдыентаў тады гатавалаі: акрамя ялавічыны і свініны, выкарыстоўвалі бабраціну, зубраціну, алеяніну і мяса фазанаў. Відавочна, мэтай павароў тады было не накарміць, а здзівіць… І сёння пераклады, зробленыя сейлавіцкімі школьнікамі, думаецца, будуць запатрабаванымі. Невыпадкова іх даследчая работа носіць назву “Другое жыцце кухні Радзівілаў”. Аднак самы час пераходзіць ад “тэорыі” да практычнага яе ўвасаблення! 

Падчас гастрафэсту на базе “Валерыі” на працягу некалькіх гадзін госці “чаравалі” над стравамі з названай вышэй кнігі. Напрыклад, маладыя людзі з аддзялення забеспячэння дзённага знаходжання для інвалідаў ТЦСАН на чале са сваёй загадчыцай Марынай Абрамчук і кіраўніком гуртка Аленай Шаўрынай гатавалі гарохавы суп па-літоўску і карпа па-віленску. А вось дзецям – Ульяне Пракапук і Міхаілу Ляшчуку – выпалі яечня і амлет па-літоўску. Школьніцы з Каменца пяклі пернікі: віленскі і літоўскі. А гаспадыня аграсядзібы Наталля Пракапук кіравала прыгатаваннем літоўскага труса (кролика), рагу з бараніны па-літоўску і свінога стэйка “А-ля Радзівіл ІІ”.

Канцоўка гастрафэсту выдалася не менш цікавай, чым сам працэс прыгатавання радзівілаўскіх страў: за вялікім гасцінным сталом усе ўдзельнікі частаваліся княжацкімі “шэдэўрамі”. І, скажу я вам, у “Валерыі” было смачна!

Акрамя таго, падчас незвычайнага свята госці аграсядзібы змаглі на свае вочы ўбачыць, як пляліся сапраўдныя паясы. Майстар-клас правяла Ірына Белямук з Пагранічнай, якая з’яўляецца рамесніцай.

Ні для кога не сакрэт, што любое мерапрыемства немагчыма без дапамогі. Так, гастра-фэст у Кашчэніках стаў магчымым дзякуючы спонсарам: ААТ “Белавежскі”, Камянецкай раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” і, безумоўна, аграсядзібе “Валерыя” на чале з яе гаспадыняй Наталляй Пракапук.

По материалам газеты "Навіны камянеччыны"

Фотогалерея

Кулинарный гастрофест на агроусадьбе